Генэральны пракурор Літвы даручыла паліцыі ацаніць заявы Эдуардаса Вайткуса, зробленыя ім у Менску.
Як піша агенцтва BNS, генэральны пракурор Літвы Ніда Грунскене даручыла паліцыі пачаць высьвятленьне фактычных абставін заяваў былога кандыдата ў прэзыдэнты Літвы Эдуардаса Вайткуса, зробленых у Менску.
Як паведаміла пракуратура 14 траўня, распараджэньне было выдадзена пасьля таго, як у адкрытым доступе зьявіліся паведамленьні пра зробленыя ў Беларусі заявы Вайткуса, якія могуць утрымліваць прыкметы крымінальнага злачынства.
Былы кандыдат у прэзыдэнты Літвы Вайткус, знаходзячыся зь візытам у Беларусі, заявіў, што прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа нібыта быў абраны незаконна, а таксама сьцьвярджаў, што Літва ідзе шляхам зьнішчэньня літоўцаў і дзяржаўнасьці.
Гэтыя ягоныя словы апублікавалі беларускае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА і розныя навінныя парталы. Вайткус у Менску сустрэўся зь лідэрам партыі «Белая Русь» і правёў прэс-канфэрэнцыю.
Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у размове з журналістамі назваў такія заявы Вайткуса глупствам: «Я не павінен асуджаць кожную лухту, лухта ёсьць лухта».
Паводле Кандратовіча, праваахоўныя органы пакуль не ацанілі візыт Вайткуса.
«Мы дэмакратычная краіна, таму кожны можа выказваць сваю думку, але калі яно мэтанакіраваная і падбухторвае, скажам, разлад, у гэтым выпадку была б іншая ацэнка», — сказаў міністар, адказваючы на пытаньне, як змагацца з такімі прапагандыстамі.
У мінулым годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, Вайткус атрымаў 7,31 працэнта галасоў выбарнікаў і заняў пятае месца. На выбарах у Сейм сьпіс кандыдатаў ад ягонай Літоўскай народнай партыі не пераадолеў 5 працэнтаў выбарчага бар’еру — яго падтрымалі 2,64 працэнта выбарцаў. Цяпер Вайткус стварае партыю «Новая палітычная сіла».
Лідэр кансэрватараў Літвы Лаўрынас Кашчунас таксама зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру і Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) наконт візыту Вайткуса ў Беларусь. Ён папрасіў ацаніць, ці не зьяўляюцца дзеяньні гэтага палітыка дапамогай іншай дзяржаве ў дзеяньнях супраць Літвы.
«Паездка Вайткуса ў варожую Літве дзяржаву і публічнае прыніжэньне Літоўскай дзяржавы — гэта паўтарэньне крамлёўскай прапаганды», — сказаў Кашчунас.
Міністэрства замежных справаў Літвы настойліва рэкамэндуе грамадзянам Літвы ўстрымацца ад паездак у Беларусь, а тым, хто зараз знаходзіцца ў краіне, неадкладна пакінуць яе.
Хто такі Вайткус
Літоўскі доктар і палітык Эдуардас Вайткус удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году ў Літве. Ён набраў тады 7,3% галасоў. Гэта быў пяты вынік сярод васьмі кандыдатаў. Прычым у блізкіх да беларускай мяжы Салечніках і Вісагінасе за яго прагаласавала бальшыня тых, хто прыйшоў на выбары.
Раней у тым жа годзе Вайткус ачоліў сьпіс Літоўскай народнай партыі на парлямэнцкіх выбарах, але партыя не пераадолела выбарчага бар’еру, набраўшы 2,6%.
Выданьне LRT ў анонсе леташняга перадвыбарчага інтэрвію характарызавала яго гэтак:
- Эдуардас Вайткус не давярае судам, бо адзін судзьдзя сказаў яму жахлівую фразу.
- Ён не давярае фінансавым інстытутам, бо страціў шмат грошай падчас фінансавага крызісу.
- Ён баіцца разбурэньня сьвету, бо глябалісты, якія ім кіруюць, вядуць усё ў прорву, а Захад нібыта справакаваў Расею напасьці на Ўкраіну.
У 2023 годзе Эдуардас Вайткус заявіў у інтэрвію Elta, што «высылка зь Літвы беларускай жанчыны, якая заявіла пра намер сілай зрынуць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, стала б знакам добрасуседзтва і дэманстрацыяй канца палітыкі ўмяшаньня».
Там жа ён заклікаў тэрмінова скасаваць закон, які забараняе купляць электраэнэргію ў Беларусі.
Што Вайткус сказаў у Беларусі
Падчас сустрэчы з старшынём партыі «Белая Русь» Эдуардас Вайткус раскрытыкаваў улады Літвы, якія, на ягоную думку, вядуць краіну «шляхам зьнішчэньня і літоўцаў, і дзяржаўнасьці».
Ён заявіў, што на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах быў адзіным кандыдатам, які выступаў супраць вайны з Расеяй.
На думку Вайткуса, улады Літвы дазваляюць сабе грубыя ўмяшаньні ў справы беларускай дзяржавы, што цалкам недапушчальна, перадае БЕЛТА.