Вядомы навуковец з Гомля, супрацоўнік Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны, дацэнт катэдры філязофіі, кандыдат філязофскіх навук Віктар Адзіночанка памёр у шпіталі 15 траўня. Паводле зьвестак выданьня «Флагшток», нядаўна ў Адзіночанкі выявілі анкалягічнае захворваньне на апошняй стадыі — лячэньне было ўжо амаль немагчымым.
Адзіночанка выдаў першы вучэбны дапаможнік для студэнтаў па рэлігіязнаўстве на беларускай мове. Ён аўтар шматлікіх навуковых публікацый. У жыцьці і на працы ён пасьлядоўна размаўляў па-беларуску, чым даваў землякам прыклад.
Віктар Адзіночанка родам з Рэчыцы, выкладаў ва ўнівэрсытэце рэлігіязнаўства, філязофію, эстэтыку, апошнім часам працаваў над абаронай доктарскай дысэртацыі, аднак, паводле зьвестак калегаў, атрымліваў перашкоды з боку некаторых прадстаўнікоў адміністрацыі ВНУ.
Адзіночанка таксама быў вядомы як грамадзкі дзеяч, які вымушаны быў спыніць актыўнасьць пасьля 2020 году. Ён займаўся праваабарончай дзейнасьцю, незалежным назіраньнем за выбарамі, калі гэта было яшчэ магчыма, удзельнічаў у кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня. З-за гэтага быў пад кантролем уладных структураў.
Навукоўцу павінна было споўніцца ў чэрвені 63 гады. У яго засталіся жонка і двое маленькіх дзяцей ад апошняга шлюбу. Малодшаму дзіцяці ўсяго каля трох месяцаў.
Форум