Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд па правах чалавека адхіліў скаргу Вольгі Карач


Вольга Карач
Вольга Карач

Беларуская дзяячка скардзілася на тое, што Літва адмовіла ёй у палітычным прытулку.

«Заява, пра якую вы пытаецеся, прызнаная непрымальнай аднаасобным суддзёй у студзені 2025 году», — сказана ў адказе, які «Эўрарадыё» атрымала з прэс-службы ЭСПЧ.

Гэта нярэдкая фармулёўка ў практыцы міжнародных судовых органаў, адзначае выданьне. Суд прыйшоў да высновы, што скарга Вольгі Карач не падлягае разгляду. Гэта можа адбыцца праз адсутнасьць прыкметаў парушэньня правоў, відавочную неабгрунтаванасьць і іншае.

Рашэньне прынялі без скліканьня калегіі. Паводле правілаў ЭСПЧ, некаторыя скаргі можа адхіляць адзін судзьдзя, калі яны яўна непрымальныя.

У жніўні 2023 году Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіў Карач у прытулку, бо Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы палічыў яе пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Як сьцьвярджалася, празь яе сувязі з расейскай выведкай. Але актывістка атрымала часовы дазвол на жыхарства ў Літве на гуманітарных падставах.

Пра дэпартацыю зь Літвы пісаў і муж Карач. Аднак 1 красавіка 2024 году літоўскія чыноўнікі зьняпраўдзілі словы Карач аб дэпартацыі яе мужа Алега Баршчэўскага. Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў, што, хоць Алег Баршчэўскі публічна заявіў пра сваю дэпартацыю, гэтая працэдура не была ініцыяваная і ня будзе пачатая.

У ліпені 2024 году Вольгу Карач разам зь некаторымі іншымі грамадзкімі дзеячамі асудзілі на 12 гадоў зьняволеньня завочна ў Берасьцейскім абласным судзе. Пасьля прысуду рэжым Лукашэнкі ўключыў Карач у «сьпіс экстрэмістаў».

Фігурантаў справы абвінавачвалі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  1. «змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК);
  2. «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК);
  3. «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК);
  4. «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК);
  5. паклёп на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК).

Справа Вольгі Карач

У жніўні 2023 году Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіў Вользе Карач у палітычным прытулку, паколькі Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі высьветліў, што «яе знаходжаньне ў краіне нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы з прычыны яе сувязі з расейскай выведкай». Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы канчаткова пацьвердзіў законнасьць рашэньня Дэпартамэнту міграцыі Літвы.

Пасьля гэтага Вольга Карач заявіла, што будзе зьвяртацца ў Эўрапейскі суд. Яна адмовілася пакідаць Літву. 4 лютага яна падала пазоў супраць Літвы ў Эўрапейскі суд.

«Калі я пагроза нацыянальнай бясьпецы, то чаму мяне ня выслалі зь Літвы? Калі я не пагроза, то чаму мне не даюць палітычнага прытулку? Я лічу, што гэта такая кампанія цкаваньня, зьвязаная з тым, што мы абараняем правы беларусаў тут, і таксама на карысьць гэтай вэрсіі кажа той факт, што майму мужу таксама адмовілі ў палітычным прытулку за тое, што ён у лютым 2020 году езьдзіў у Беларусь», — сказала Карач у студзені 2024 году.

Карач паведаміла, што падазрэньні ў тым, што яна «можа супрацоўнічаць з расейскай выведкай», грунтаваліся на інфармацыі, што яна езьдзіла ў 2016 і 2019 гадах у Расею для ўдзелу ў розных канфэрэнцыях, на якіх магла «зь некім» сустракацца, а таксама спрабавала сустрэцца з расейскім амбудсмэнам Тацянай Маскальковай.

Яна таксама паведаміла, што 31 праваабарончая арганізацыя зьвярнулася ў літоўскі суд зь лістамі ў яе абарону, у якіх тлумачылася, што сустрэчы з прадстаўнікамі розных дзяржаўных структур, у тым ліку Тацянай Маскальковай, — гэта абсалютна нармальная частка праваабарончай дзейнасьці.

Вольга Карач атрымлівала дазвол на жыхарства ў Літве з 2014 году, а ў 2023-м зьвярнулася па палітычны прытулак. Яна ачольвае Міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом», які, як паведамляецца на сайце арганізацыі, займаецца гуманітарнай і псыхалягічнай дапамогай беларусам у Літве і ў Беларусі, а таксама адсочвае парушэньні правоў чалавека.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG