Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украінцы казалі: бяз гэтага беларуса мы на штурм ня пойдзем». Размова з пабрацімам загінулага Аляксея Аўдзея


Аляксей Аўдзей, фота з прыватнага архіву
Аляксей Аўдзей, фота з прыватнага архіву

Пра гібель беларускага добраахвотніка стала вядома ў сярэдзіне траўня. Аляксей стаў адным з больш чым 70 беларусаў, якія на гэты момант загінулі ва Украіне, ваюючы на баку Кіева. Пра тое, якім Аляксей быў на фронце, Свабодзе расказаў яго пабрацім.

Ураджэнец Клецкага раёну Аляксей Аўдзей загінуў ва Ўкраіне ў сярэдзіне красавіка, афіцыйна пра яго сьмерць паведамілі празь месяц пасьля здарэньня. Цела Аляксея дагэтуль застаецца на месцы яго гібелі. Праз гарачыя баі яго немагчыма перадаць родным для разьвітаньня.

Пра тое, якім Аляксей быў у мірным жыцьці, у размове з Свабодай расказалі бацькі і блізкія загінулага добраахвотніка. Пра тое, якім ён быў на вайне, — яго баявы пабрацім Дзьмітры.

«Ён быў найлепшы»

Дзьмітры (імя суразмоўцы зьмененае з прычынаў бясьпекі. — РС) кажа, што пазнаёміўся з Аляксеем Аўдзеем яшчэ да таго, як яны абодва паехалі на вайну ва Ўкраіну. Яны разам трапілі ў Другі інтэрнацыянальны легіён, а адтуль у 79-ю дэсантна-штурмавую брыгаду, дзе разам служылі цягам амаль году.

«Як пра ваяра я пра Аляксея магу сказаць толькі адно — ён быў найлепшы, — гаворыць Дзьмітры. — Лепшага я не сустракаў. Бачыў людзей, якія кажуць, што кайфуюць ад вайны, атрымліваюць ад яе задавальненьне й спакой. Але Аляксей быў адзіным, у каго гэта было сапраўды так і хто ня надта часта пра гэта гаварыў. На ўсе апэрацыі, якія ён прайшоў, ён сам выклікаўся. Ва ўкраінцаў нават была прымаўка — калі „Рыжы“ (пазыўны Аляксея Аўдзея. — РС) ня пойдзе ў штурм, то мы таксама ня пойдзем. Бяз гэтага беларуса мы ўдзельнічаць ня будзем».

З словаў суразмоўцы, Аляксея неаднойчы хацелі ўзнагародзіць, але ён заўсёды ад узнагародаў адмаўляўся. Пагадзіўся толькі на адну — на нагрудны знак 79-й дэсантна-штурмавой брыгады. Яго Аляксею ўручылі за тое, што ён пагадзіўся павесьці групу ваяроў на штурм замест параненага камандзіра. З таго штурму ўся група вярнулася цэлай.

«Яшчэ калі быў Валеры Сахашчык, то ён выдаваў беларускія ўзнагароды, — узгадвае Дзьмітры. — Выдаваў іх беларусам, якія ваююць ва Ўкраіне. Некаторыя бралі, а Лёха адмовіўся. Сказаў, каб далі лепш тым, хто насамрэч заслугоўвае. „Я не лічу, што магу яе атрымаць“, — так ён адказаў. Адмовіўся „Рыжы“ і ад узнагароды Галоўнага ўпраўленьня выведкі Украіны, але я ня ведаю, ад якой».

Аляксей Аўдзей, фота з прыватнага архіву
Аляксей Аўдзей, фота з прыватнага архіву

У тым штурме, за які ўкраінскія дэсантнікі ўзнагародзілі Аляксея Аўдзея, быў і Дзьмітры. Ён расказвае, што ўсё адбылося вельмі нечакана.

«Мой першы штурм гэта быў, першы выхад на пазыцыю быў з Аляксеем, — узгадвае Дзьмітры. — Гэта ён яго сплянаваў, большую частку ўсяго штурму. Кіраваў Аляксей, ён нас вёў. І мы выйшлі адтуль увогуле бяз стратаў. Амаль усе мы тады пайшлі на штурм упершыню. Вярнуцца адтуль жывымі — гэта было вялікае дасягненьне. Вельмі высокая адзнака».

Суразмоўца ўзгадвае, што ўсё ў той дзень адбывалася вельмі спантанна. Група ваяроў была на адпачынку, зьбіраліся смажыць шашлыкі. І раптам у лягеры зьявіўся «Рыжы» і паведаміў, што усім трэба праз тры гадзіны ісьці на штурм. Група хутка сабралася і паехала на пазыцыі.

«Тады адзін з нашых камандзіраў быў паранены і ляжаў у шпіталі, а іншы ня быў адпаведна аформлены і ня мог весьці нас наперад, увогуле з намі там быць, — узгадвае Дзьмітры. — Таму прынялі рашэньне, што кіраваць будзе „Рыжы“. Але ён заўсёды адмаўляўся камандаваць, не хацеў быць старэйшым. Яму падабалася проста ваяваць, быць штурмавіком. Але тады не было іншых варыянтаў. І Аляксей, каб пайсьці у бой, пагадзіўся нас узначаліць. Паўтаруся — той штурм быў для нас вельмі пасьпяховым. Кожны раз страшна было, калі выходзіш. Але калі побач „Рыжы“ быў, то адчувалася, што ўсё добра будзе».

Дзьмітры расказвае, што з таго выхаду група Аляксея вярнулася ня толькі ў поўным складзе, але і змагла здабыць шмат трафэяў — расейскай зброі.

«Аляксей сам ваяваў тым, што было. Ня скажаш, што ён „прыкіпеў“ да чагосьці са зброі ці нечага такога яшчэ, яму было няважна як і няважна чым, — узгадвае Дзьмітры. — Але з сабой паўсюль насіў адну рэч — наш беларускі сьцяг. Заўсёды меў у заплечніку — у адпачынку, на пазыцыях, на штурмы насіў з сабой. Я ня ведаю, навошта ён яму быў патрэбны, але „Рыжы“ меў сьцяг з сабой паўсюль. Адзіная рэч, якую меў з сабой заўсёды і ўсюды».

Аляксей Аўдзей са сваім сабакам Жмыхом, якога падабраў на вайне. Фота з прыватнага архіву
Аляксей Аўдзей са сваім сабакам Жмыхом, якога падабраў на вайне. Фота з прыватнага архіву

«Тую дарогу я запомню назаўсёды»

Дзьмітры кажа, што не размаўляў з Аляксеем пра тое, чаму той паехаў на вайну. Доўгі час ня ведаў нічога пра сям’ю Аляксея, гэтага патрабавалі правілы бясьпекі. Ваяры доўга маглі нават ня ведаць сапраўдных імёнаў сваіх пабрацімаў.

«Лёха нічога не баяўся ў гэтым пляне, расказваў пра сябе шмат, але вось пра сям’ю ніколі, — гаворыць Дзьмітры. — Хоць мы ведалі, што ён часта піша і звоніць бацькам, калі ёсьць сувязь. І ў адпачынку, і на пазіцыях. Гаварыў, што хоча іх супакоіць такім чынам».

Пра тое, што Аляксей Аўдзей любіў чытаць нават у акопах, у размове з Свабодай расказала яго сяброўка Ірына. Дзьмітры пацьвярджае жарсьць пабраціма да чытаньня.

«Украінцы гэтага проста не разумелі, сьмяяліся зь яго, — кажа суразмоўца. — Мы, беларусы, чыталі, нехта з тэлефона, нехта з электроннай кнігі. Я на яго паглядзеў і сам пачаў кнігі цягаць на перадавую. А украінцы ня вельмі разумелі. Лёха ім адказваў — ну, а што тут яшчэ рабіць? Ён, ведаеце, да вайны стараўся ставіцца хутчэй як да гульні. Мы на яго глядзелі, і было адчуваньне, што ён ужо сто гадоў ваюе. Ён усё ведаў наперад. Ідзе абстрэл пазыцыі, а ён спакойна ляжыць і чытае кніжку. Кажа, што ня пойдуць яны да нас, гэта ня ў наш бок усё».

Аляксей Аўдзей, фота з прыватнага архіву
Аляксей Аўдзей, фота з прыватнага архіву

Дзьмітры узгадвае і кухарскія здольнасьці Аляксея. З словаў суразмоўцы, «Рыжы» гатаваць любіў і рабіў гэта ня толькі для сябе. Часам яго захапленьне кулінарыяй праяўлялася ў незвычайных сытуацыях.

«Рыжаму» неяк параніла ногі, хадзіў на мыліцах, — расказвае суразмоўца. — І тут бачым — ён на мыліцах і цягне вялізны чан, знайшоў недзе. Цэлы чан гэты парэзанай бульбы, палоскамі. Так мы пабачылі ўпершыню, што Лёха гатуе. І пасьля ён нам гатаваў ужо раз на некалькі дзён. Рабіў вечары, калі гатаваў мяса, бульбу. І дранікі, вядома».

Пра апошні бой Аляксея Дзьмітры ведае з словаў іншых пабрацімаў. Прызнаецца, што для яго пакуль застаецца шмат незразумелага. Чаму Аляксей застаўся паранены адзін пасля падрыву на міне, чаму яго знайшлі мёртвым, калі вярнуліся па яго. Суразмоўца перакананы, што Аляксей меў дастаткова мэдычнай кваліфікацыі, каб аказаць сабе першую дапамогу. З словаў Дзьмітрыя, спадзявацца, што цела Аляксея змогуць дастаць з «шэрай зоны», цяжка.

«Шмат чаго я буду памятаць пра Лёху, — кажа Дзьмітры. — Той першы выхад, напрыклад. Але самае-самае — гэта, відаць, зусім не баі ці вайна, а тое, як ён ехаў да сваёй дзяўчыны Ірыны за 900 кілямэтраў, каб павіншаваць яе з днём народзінаў. Гэта я яго тады вёз на машыне. Усю ноч вёз. Гэтую дарогу я запомню назаўсёды. Ён толькі выйшаў, сьмярдзючы такі, ня мыўся — нічога. Заплечнік меў, у адных майтках у машыну ўскочыў — і паехалі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG