Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму афіцыйны Менск заляцаецца да Ватыкану? Тлумачыць Валер Карбалевіч


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ігар Сергеенка сустракаецца з Папам Лявом XIV падчас урачыстай цырымоніі інтранізацыі новага кіраўніка Каталіцкай царквы. Скрыншот Vatican Media
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ігар Сергеенка сустракаецца з Папам Лявом XIV падчас урачыстай цырымоніі інтранізацыі новага кіраўніка Каталіцкай царквы. Скрыншот Vatican Media

Афіцыйны Менск разьлічвае, што Ватыкан стане ня проста пасярэднікам ва ўзаемадачыненьнях Беларусі з Захадам, але і адвакатам рэжыму ў перамовах з заходнімі палітыкамі.

Схему ўзаемаадносінаў, калі Ватыкан ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі і не крытыкуе, улады хацелі б узяць за ўзорную мадэль для адносінаў паміж Менскам і Захадам.

Сьцісла:

  • Афіцыйны Менск павышае ўзровень міждзяржаўных адносінаў з Ватыканам.
  • Заляцаньне да Ватыкану — спроба знайсьці абыходныя шляхі дзеля размарожваньня адносінаў з Эўропай і ЗША.
  • Парадокс сытуацыі: Менск робіць гэтыя намаганьні, калі ідуць палітычныя рэпрэсіі супраць каталіцкіх сьвятароў у Беларусі.

За кароткі час дэлегацыя Беларусі на чале з старшынём Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергеенкам двойчы наведала Ватыкан. Першы раз яна прыяжджала на пахаваньне папы Рымскага Францішка. Другі раз — на інаўгурацыю (інтранізацыю) новага пантыфіка Лява ХIV. Ігар Сергеенка перадаў яму прывітаньне і падарунак ад Аляксандра Лукашэнкі, а таксама запрашэньне наведаць Беларусь.

Афіцыйны Менск павышае ўзровень міждзяржаўных адносінаў з Ватыканам

Варта нагадаць, што ў сьнежні 2024 году ўрад прыняў рашэньне аб адкрыцьці амбасады Беларусі ў Ватыкане. Гэта адбудзецца да 1 верасьня 2025 году. Дасюль Беларусь у Ватыкане прадстаўлялі дыпляматы, прызначаныя амбасадарамі ў іншыя эўрапейскія краіны, напрыклад, у Швайцарыі. Такое рашэньне азначае, што афіцыйны Менск павышае ўзровень міждзяржаўных адносінаў з Ватыканам. Гэта адбываецца пры агульным скарачэньні дыпляматычнага прадстаўніцтва Беларусі ў краінах Захаду.

Ватыкан — сымбалічны і палітычны вобраз Захаду, увасабленьне заходняй цывілізацыі. І заляцаньне да яго азначае спробу знайсьці абыходныя шляхі дзеля размарожваньня адносінаў з Эўразьвязам і ЗША. Навошта?

Хоць вонкава, здавалася б, рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачуваецца ўпэўнена, аднак сёньняшняя сытуацыя для яго даволі дыскамфортная. Эканамічныя санкцыі, уведзеныя Захадам, моцна перашкаджаюць, напрыклад, супрацоўніцтву з тымі ж краінамі «глябальнага Поўдня», на якія цяпер пераарыентаваўся Менск.

Але тут мы назіраем пэўны парадокс.

З аднаго боку, афіцыйныя асобы Беларусі кажуць пра гатовасьць да перамоваў з краінамі Захаду, заклікаюць тую ж Польшчу дамаўляцца пра паляпшэньне ўмоваў транзыту на мяжы. А зь іншага боку, працягваецца курс на варажнечу з суседзямі, не спыняюцца мігранцкія атакі, Лукашэнка пагражае заходнім дзяржавам то ядзернай зброяй, то ракетамі «Орешник», то чарговымі беларуска-расейскімі вайсковымі вучэньнямі. І, што вельмі важна, працягваюцца палітычныя рэпрэсіі ўсярэдзіне краіны.

Па ўзроўні рэпрэсіяў супраць Каталіцкай царквы Беларусь займае 2-е месца ў сьвеце пасьля Нікарагуа

І вось гэты парадокс ці супярэчлівасьць у дзеяньнях уладаў мы назіраем і ў дачыненьні Касьцёлу. З аднаго боку, Менск дэманструе намер падвысіць узровень міждзяржаўных адносін з Ватыканам. А зь іншага, палітычныя рэпрэсіі моцна закранулі Касьцёл. З 2020 году ў Беларусі былі арыштаваныя больш за 30 каталіцкіх сьвятароў. Па ўзроўні рэпрэсіяў супраць Каталіцкай царквы Беларусь займае 2-е месца ў сьвеце пасьля Нікарагуа.

Што важна зазначыць, гэтыя рэпрэсіі адбываюцца пры поўным маўчаньні Ватыкану. Магчыма, у кулюарах нейкія працэсы адбываюцца, але ў публічнай прасторы не было ніякіх заяваў. Некаторых беларускіх палітыкаў і грамадзян абурае, што Касьцёл не выступае ў абарону палітвязьняў. Але Ватыкан не абараняе публічна нават сваіх сьвятароў. У той жа час абмяркоўваецца пытаньне падпісаньня канкардату — пагадненьня паміж Беларусьсю і Ватыканам, якое рэгулюе адносіны паміж дзяржавай і Каталіцкай царквой.

Вось такая схема ўзаемаадносін, калі контрагент не ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі, не крытыкуе і гатовы супрацоўнічаць, дамаўляцца, прываблівае беларускія ўлады. Яны хацелі б узяць іх за ўзорную мадэль для дачыненьняў паміж Менскам і Захадам. То бок заходнія краіны павінны прызнаць, кажучы сёньняшнім расейскім палітычным слэнгам, «рэаліі на зямлі», прызнаць рэжым Лукашэнкі і пачаць зь ім дамаўляцца.

Менск разьлічвае, што Ватыкан стане адвакатам рэжыму ў перамовах з Захадам

Менск разьлічвае, што Ватыкан стане ня проста пасярэднікам ва ўзаемадачыненьнях Беларусі з Захадам, але і адвакатам рэжыму ў перамовах з заходнімі палітыкамі. Такія спадзевы маюць сваю гісторыю. Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан (у 2009 і 2016 гадах). Абодва разы гэта былі пэрыяды адлігі ў адносінах Беларусі з Захадам. Як гэтаму працэсу размарожваньня стасункаў паспрыяў Ватыкан, сказаць цяжка. Хутчэй уплыў быў ня вельмі вялікі, дзейнічалі іншыя чыньнікі. Але спадзеў на дапамогу міжнароднай інстытуцыі, якая кантактуе з вышэйшымі сіламі, застаецца.

Праўда, тут зноў паўстае фактар Расеі. Вось Лукашэнка запрасіў новага папу Рымскага наведаць Беларусь. Але, як вядома, супраць гэтага выступае Расейская праваслаўная царква, якая лічыць Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй. Таму пры рэалізацыі гэтай ідэі непазьбежны канфлікт ня толькі з РПЦ, але і з Крамлём, які стаіць за сьпінай царквы.

«Парыж варты імшы», — сказаў францускі кароль Генрых IV, прымаючы каталіцызм, каб замацаваць сваю ўладу над Францыяй. Так і Лукашэнка, падобна, лічыць, што ўмацаваньне ўлады над Беларусьсю вартае намаганьняў дзеля прыцягненьня ўвагі Ватыкану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG