Украіна падоўжыла на 5 гадоў дзеяньне ўведзеных у 2019 годзе антыдэмпінгавых мытаў на імпарт цэмэнту зь Беларусі, паведаміў украінскі партал fixygen.ua са спасылкай на інфармацыю Міністэрства эканомікі, перадае «Позірк».
Мыта на беларускі цэмэнт складае 57,03%. Яго Ўкраіна ўвяла ў 2019 годзе.
У 2021 годзе Беларуская цэмэнтная кампанія заявіла пра адкрыцьцё свайго прадстаўніцтва ва Ўкраіне і пасьпяховыя перамовы наконт дастаўкі сваёй прадукцыі ва Ўкраіну і за яе межы.
У кастрычніку 2021 году дзяржаўныя СМІ з спасылкай на БЦК паведамлялі, што Ўкраіна зацікаўленая ў рэгулярных пастаўках беларускага цэмэнту нават з улікам антыдэмпінгавых пошлін.
Пасьля таго як Беларусь падтрымала поўнамаштабную расейскую вайну супраць Украіны, пастаўкі прадукцыі, у тым ліку і цэмэнту, зь Беларусі і Расеі цалкам спынілі.
У той жа час урад Украіны не забараняў гандаль зь Беларусьсю, як гэта было зроблена ў дачыненьні да Расеі.
«Беларускую прадукцыю можна завозіць праз трэція краіны, хоць лягістыка больш складаная. Ёсьць, хутчэй, этычныя моманты, таму шмат украінскіх кампаніяў адмовіліся ад беларускіх тавараў. Але юрыдычнай забароны няма», — казала ў 2023 годзе Свабодзе адвакатка юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка.
Да ўвядзеньня мыта Беларусь пастаўляла ва Ўкраіну: за 2017 год — больш як 360 тысяч тон цэмэнту, за 2018 — больш як 270 тысяч тон.
Форум