Сьцісла:
- Амністыя «да 80-годзьдзя Перамогі» не распаўсюджваецца на палітзьняволеных.
- Дзесяць хваляў памілаваньняў апошнім часам сталі сыгналам Захаду аб гатоўнасьці афіцыйнага Менску да торгу.
- Улады Беларусі разьлічвалі на прызнаньне прэзыдэнцкіх выбараў і спадзяваліся на новую адміністрацыю ЗША на чале з Дональдам Трампам.
- Аднак Эўропа выбараў не прызнала, на памілаваньні не зрэагавала. Афіцыйны Менск быў расчараваны, працэс памілаваньняў спыніўся.
- Вызваленьне Юрася Зянковіча — прапанова да перазагрузкі амэрыканска-беларускіх адносін.
Палата прадстаўнікоў 30 красавіка прыняла закон аб амністыі «да 80-годзьдзя Перамогі». У той жа дзень восем беларускіх праваабарончых арганізацый заклікалі ўлады ўжыць амністыю да палітвязьняў. Аднак ужо традыцыйна прыняты закон аб амністыі не распаўсюджваецца на «асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці», то бок на палітзьняволеных.
Палітычнае жыцьцё Беларусі круціцца вакол тэмы палітвязьняў
Дасюль вызваленьне гэтай катэгорыі людзей адбывалася паводле працэдуры памілаваньня. Зь ліпеня 2024 году па студзень 2025-га ў Беларусі было дзесяць хваляў памілаваньняў, у выніку якіх на волю выйшлі больш за 250 палітвязьняў. Апошні раз гэта адбылося 24 студзеня, перад прэзыдэнцкімі выбарамі.
І адначасова вечарам 30 красавіка быў вызвалены грамадзянін Беларусі і ЗША Юрась Зянковіч.
Такім чынам, палітычнае жыцьцё Беларусі абяртаецца вакол тэмы палітвязьняў. Гэтая праблема так ці інакш застаецца галоўным пытаньнем беларускай палітыкі.
Памілаваньне больш як 250 палітвязьняў у экспэртнай супольнасьці было расцэнена як сыгнал Захаду, як гатоўнасьць афіцыйнага Менска да торгу. Улады Беларусі асабліва разьлічвалі на новую адміністрацыю ЗША на чале з Дональдам Трампам. Былі спадзяваньні, што іншы падыход прэзыдэнта Злучаных Штатаў да замежнай палітыкі стварае ўмовы для перазагрузкі ў амэрыкана-беларускіх адносінах.
Аляксандар Лукашэнка казаў камплімэнты Дональду Трампу, пасьпяшаўся зрабіць падарунак да ягонай інаўгурацыі. Былі вызвалены з-за кратаў двое амэрыканскіх грамадзянаў і журналіст «Радыё Свабода». Лукашэнка стукаўся ў вашынгтонскія дзьверы з дапамогай інтэрвію вядомаму блогеру, прыхільніку Трампа Марыё Наўфалю. Нават загадаў шукаць рэдказямельныя мэталы, раптам імі зацікавіцца прэзыдэнт ЗША. І запрасіў яго прыехаць у Беларусь.
У амэрыканскай газэце The New York Times зьявіўся артыкул, у якім сьцьвярджалася, што ЗША вядуць кулюарныя перамовы аб угодзе з рэжымам Лукашэнкі. Паводле яе ўмоваў, улады Беларусі павінны выпусьціць значную частку палітвязьняў і нават спыніць палітыку рэпрэсіяў, а ЗША ці скасуюць, ці аслабяць санкцыі супраць калійнай галіны і банкаў Беларусі. Угода, як нібыта мяркуюць у Вашынгтоне, дазволіць Лукашэнку дыстанцыявацца ад Расеі. То бок галоўны сэнс угоды палягаў ня гэтулькі ў тым, каб вызваліць палітвязьняў, колькі ў імкненьні ЗША выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі.
Але нешта пайшло ня так і працэс торгу з Захадам застопарыўся. Бо ўлады ў Менску трохі памыліліся ў разьліках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб Захад паверыў Лукашэнку, ён павінен вызваліць з турмаў знакавых асобаў беларускай палітыкі,— паліталягіня Кацярына ГлодРэч у тым, што працэс памілаваньня палітвязьняў быў прымеркаваны да прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году невыпадкова. Улады разьлічвалі, што гэтыя выбары дазволяць «перазапусьціць» адносіны з Захадам. Лукашэнка ўвесь час падкрэсьліваў, што сёлетнія выбары кардынальна адрозьніваліся ад мінулых сваім абсалютна мірным характарам. У інтэрвію міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» 8 красавіка ён заявіў, што прэзыдэнцкая кампанія прайшла «ціха і спакойна», гэта, на яго думку, пацьвердзілі шматлікія назіральнікі, у тым ліку міжнародныя.
Сэнс пасланьня Захаду палягаў у тым, што маўляў, няхай сабе да выбараў 2020 году былі пытаньні, няхай вы прызналі Сьвятлану Ціханоўскую пераможцай тае кампаніі, але прайшло пяць гадоў, тая кадэнцыя скончылася, адбыліся новыя выбары, Лукашэнка атрымаў «сьвежую» легітымнасьць, давайце пачынаць адносіны з чыстага ліста.
Аднак гэтыя спадзевы ня спраўдзіліся. Прэзыдэнцкіх выбараў Эўропа не прызнала. Што моцна абурыла Лукашэнку.
Памілаваньне звыш 250 палітвязьняў не выклікала вялікага рэзанансу на Захадзе
Памілаваньне звыш 250 палітвязьняў ня выклікала вялікага рэзанансу на Захадзе. Там адрэагавалі прыкладна так: добра, але мала. І ўступаць зь Менскам у паўнацэнны торг ня сталі. Больш за два месяцы не было ніякай інфармацыі пра кулюарныя перамовы з ЗША.
У выніку працэс памілаваньня быў спынены. У адносінах з Захадам зьявіліся прыкметы эскаляцыі. Гэта выявілася ў больш агрэсіўнай рыторыцы афіцыйнага Менску, мілітарысцкай ліхаманцы, павелічэньні атак мігрантамі на суседзяў і інш.
Больш за тое, за гэты час за кратамі ў Беларусі зьявіўся яшчэ адзін грамадзянін ЗША. У сакавіку нелегальна прыехаў у Беларусь зь Літвы ў грузавым чыгуначным вагоне грамадзянін ЗША і Чэхіі Антон Рос. Хлопец нездаровы, цярпіць ад страты памяці. Раней дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што пасьля адміністрацыйнага пакараньня Рос будзе дэпартаваны ў Літву. Аднак праз пэўны час улады перадумалі, яго ня выпусьцілі зь вязьніцы, падобна, завялі крымінальную справу. Можна меркаваць, улады Беларусі палічылі, што ў торгу з ЗША варта мець яшчэ аднаго закладніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя падрабязнасьці пра грамадзяніна ЗША, затрыманага ў Беларусі. Яго шукае маціПадчас гэтага і зьявілася інфармацыя пра вызваленьне Юрася Зянковіча. Падзея знакавая ў тым пляне, што яна тычыцца вязьня, асуджанага на 13,5 года (!), прычым за ўдзел у «змове» супраць Лукашэнкі. Прэцэдэнтаў памілаваньня такіх палітвязьняў у Беларусі яшчэ не было.
Пра вызваленьне Зянковіча абвясьціў сам дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё. Прычым ён падкрэсьліў: «Беларусь вызваліла яшчэ аднаго несправядліва затрыманага грамадзяніна ЗША». Паводле інфармацыі CNN, палітвязень выехаў у Літву разам з намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Крысам Сьмітам. З паведамленьняў амэрыканскіх мэдыя вынікае, што гэта жэст добрай волі афіцыйнага Менску, улады Беларусі пакуль нічога не атрымалі ўзамен.
У кожным разе хоць адна добрая навіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чорны лебедзь» Дональд Трамп: як ён мяняе сьвет і Беларусь. Аналіз Валера Карбалевіча