Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленьне

Юрась Зянковіч, архіўнае фота

Былы палітзьняволены расказаў пра сваё зьняволеньне і абставіны вызваленьня.

Як сказаў Юрась Зянковіч у інтэрвію Deutsche Welle, наконадні ягонага вызваленьня ўсім у СІЗА КДБ скасавалі прагулку. Пра хуткае вызваленьне Зянковічу паведамляў кіраўнік КДБ Іван Тэртэль.

Як гаворыць Зянковіч, з турмы нават ягоныя торбы выносілі турэмнікі, а ня ён сам, і грузілі ў машыну, якая вывезла яго з краіны. Вывазам зь Беларусі ў Літву займалася група спэцназу «Альфа».

Цяпер Зянковіч у штаце Тэхас, туды ён даляцеў з транзытам праз Вашынгтон. Толькі ў Тэхасе на вайсковай базе Зянковіч убачыўся з сваёй жонкай, зь якой быў пазбаўлены ліставаньня і іншых кантактаў чатыры гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зянковіч паведаміў, што супраць Верамейчыка, былога байца палку імя Каліноўскага, у СІЗА ўжывалі фізычны гвалт

Юрась Зянковіч адзначыў, што з урыўкаў інфармацыі складаў для сябе агульную карціну. Па выхадзе з турмы ён пабачыў, што ягоныя ўяўленьні збольшага супадаюць з тым, што ёсьць насамрэч.

Акрамя таго, юрыст расказаў пра тое, што яму вядомыя факты, як у турму ў Беларусі масава саджаюць уплывовых і заможных прадпрымальнікаў, каб фактычна патрабаваць зь іх выкуп за вызваленьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зянковіч расказаў пра сваю ўгоду са сьледзтвам і ўмовы ў СІЗА КДБ
  • Юрась Зянковіч — беларускі палітык, амэрыканскі юрыст. Разам зь іншымі фігурантамі «справы змоўцаў» яго затрымалі ў красавіку 2021 году. Пасьля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта перадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама што «раскрылі дзяржаўны пераварот». Зянковіч — адзіны зь пяці абвінавачаных у гэтай справе, хто заключыў дамову зь сьледзтвам. Ён цалкам прызнаў сваю віну і не адмаўляў, што быў арганізатарам змовы. Таксама ён папрасіў прабачэньня ў саўдзельнікаў.
  • Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 357 («змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 («публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады») і ч. 3 арт. 130 КК («распальваньне сацыяльнай варожасьці»). У верасьні 2022 году Юрыю прысудзілі 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Праз тры месяцы палітвязьня судзілі ўжо ў новай крымінальнай справе. Тады Зянковіча абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Падставаю сталі «абразьлівыя камэнтары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім». У сьнежні 2022 году суд Мядзела дадаў яму яшчэ паўгода зьняволеньня.
  • Юрась Зянковіч 30 красавіка быў вызвалены з турмы ў Беларусі. Ягоны здымак, зроблены ў амэрыканскай амбасадзе ў Вільні, зьявіўся ў сеціве на старонцы амэрыканскай журналісткі і адвакаткі Грэты ван Сутэрэн.
  • «На просьбу адміністрацыі прэзыдэнта ЗША грамадзянін Злучаных Штатаў Амэрыкі Зянковіч Юры Леанідавіч быў вызвалены», — заявіла 1 траўня прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
  • Пра вызваленьне беларуска-амэрыканскага адваката, асуджанага ў 2022 годзе на 11 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай «справе змоўцаў», стала вядома ўвечары 30 красавіка.
  • Пасьля першага прысуду Зянковічу яшчэ павялічвалі тэрмін. У верасьні і студзені ў беларускай дзяржаўнай тэлевізіі паказалі прапагандысцкія фільмы зь ягоным удзелам.