Былы палітвязень Юры Зянковіч, якога на мінулым тыдні вызвалілі з турмы ў Беларусі і які цяпер вярнуўся ў ЗША, расказаў «Нашай Ніве», што да былога байца палку імя Кастуся Каліноўскага Васіля Верамейчыка стасавалі фізычны гвалт, каб прымусіць яго даць інтэрвію беларускаму дзяржаўнаму тэлеканалу.
Паводле Зянковіча, перад вызваленьнем ён правёў зь Верамейчыкам чатыры месяцы ў адной камэры СІЗА КДБ. Зянковіч адзначыў, што Васіль не зламаўся і трымаецца мужна. Інтэрвію зь Верамейчыкам паказалі на БТ у студзені 2025 году.
«Тое, што ён казаў у „інтэрвію“, — гэта вымушана. Каб прымусіць яго сказаць тое, што хочуць пачуць бэтэшнікі, да яго ўжывалі фізычны гвалт. Паколькі супраціўляцца асабліва сэнсу не было, ён пад ціскам сказаў тое, што сказаў», — мяркуе Зянковіч.
«Ня верце таму, што паказвае прапаганда: гэтыя ўсе інтэрвію робяцца пад пагрозай гвалту. І самае галоўнае. Вязьням — ня толькі палітычным, але і іншым, хто сядзіць безь віны (напрыклад, бізнэсоўцы, у якіх патрабуюць грошы ў абмен на вызваленьне), вельмі важная грамадзкая салідарнасьць. Нават калі не даходзяць лісты, мы ўсё адно адчуваем падтрымку людзей. Галоўная задача грамадзтва — гэта дабіцца вызваленьня несправядліва асуджаных», — адзначыў былы палітвязень.
У канцы 2024 года ў Віетнаме быў затрыманы і перададзены Беларусі экс-баец Палку Каліноўскага Васіль Верамейчык. Пасьля заканчэньня службы ён спрабаваў легалізавацца ў Літве, але быў аб’яўлены «пагрозаю нацыянальнай бясьпецы» і атрымаў забарону на ўезд у краіну.
- Юрась Зянковіч 30 красавіка быў вызвалены з турмы ў Беларусі. Ягоны здымак, зроблены ў амэрыканскай амбасадзе ў Вільні, зьявіўся ў сеціве на старонцы амэрыканскай журналісткі і адвакаткі Грэты ван Сутэрэн.
- «На просьбу адміністрацыі прэзыдэнта ЗША грамадзянін Злучаных Штатаў Амэрыкі Зянковіч Юры Леанідавіч быў вызвалены», — заявіла 1 траўня прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
- Пра вызваленьне беларуска-амэрыканскага адваката, асуджанага ў 2022 годзе на 11 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай «справе змоўцаў», стала вядома ўвечары 30 красавіка.
- Пасьля першага прысуду Зянковічу яшчэ павялічвалі тэрмін. У верасьні і студзені ў беларускай дзяржаўнай тэлевізіі паказалі прапагандысцкія фільмы зь ягоным удзелам.
Форум