Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянковіч расказаў пра сваю ўгоду са сьледзтвам і ўмовы ў СІЗА КДБ


Юрась Зянковіч, архіўнае фота
Юрась Зянковіч, архіўнае фота

Вызвалены з турмы былы палітвязень Юрась Зянковіч, які зьехаў у ЗША, даў першае інтэрвію на волі.

У інтэрвію «Нашай ніве» ён сярод іншага расказаў пра сваю ўгоду са сьледзтвам, пасьля якой ён атрымаў такое ж пакараньне, як і іншыя фігуранты справы.

На пытаньне, ці не шкадуе, што абраў такую стратэгію, ён адказаў:

«Пайсьці на ўгоду мяне доўга намаўлялі сьледчыя. Я разумеў, што яна хутчэй за ўсё нічога не дасьць. Але і страціць я нічога не мог: або выйграваў, або заставаўся пры сваіх. Таму я падпісаў угоду ўжо ў самым канцы сьледзтва. Цікава, што я на судзе віну прызнаў цалкам, Фядута — часткова, Кастусёў не прызнаў зусім, а атрымалі мы ўсе аднолькава. То бок прызнаньне-непрызнаньне ўвогуле ні на што не ўплывала».

Пра апошнія свае месяцы ў Беларусі Зянковіч расказаў:

«Сёлета з 3 студзеня да 30 красавіка я знаходзіўся ў „амэрыканцы“, камэра № 4. Іншая рэч, што мае суседзі ў камэры ўсе атрымлівалі вельмі добрыя перадачы. КДБ адкормліваў мяне (гэта лёгка чыталася ўсімі) за кошт іншых вязьняў. Я не атрымліваў перадачаў з 2023 году. Першы і апошні ліст поштаю я атрымаў у жніўні 2021 году. А тэлефонных званкоў мне не далі ніводнага за ўвесь час».

Нядаўна перададзены ЗША былы палітвязень Юрась Зянковіч праходзіць праграму рэабілітацыі. Пра гэта раней паведаміла ягоная жонка Алена Дзенісавец. Урад ЗША вядзе спэцыяльную праграму рэабілітацыі, якую праходзяць усе амэрыканскія грамадзяне, што вызваляюцца са зьняволеньня за мяжой. Яна ўключае мэдычнае абсьледаваньне, псыхалягічную дапамогу, а таксама дапамогу з працаўладкаваньнем, падтрымку сям’і.

Юрась Зянковіч цяпер праходзіць гэтую праграму, мэдычнае абсьледаваньне паказала, што здароўе ў яго ў парадку.

  • Юрась Зянковіч 30 красавіка быў вызвалены з турмы ў Беларусі. Ягоны здымак, зроблены ў амэрыканскай амбасадзе ў Вільні, зьявіўся ў сеціве на старонцы амэрыканскай журналісткі і адвакаткі Грэты ван Сутэрэн.
  • «На просьбу адміністрацыі прэзыдэнта ЗША грамадзянін Злучаных Штатаў Амэрыкі Зянковіч Юры Леанідавіч быў вызвалены», — заявіла 1 траўня прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
  • Пра вызваленьне беларуска-амэрыканскага адваката, асуджанага ў 2022 годзе на 11 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай «справе змоўцаў», стала вядома ўвечары 30 красавіка.
  • Пасьля першага прысуду Зянковічу яшчэ павялічвалі тэрмін. У верасьні і студзені ў беларускай дзяржаўнай тэлевізіі паказалі прапагандысцкія фільмы зь ягоным удзелам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG