Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нарвэгіі да Дня свабоды прэсы выдалі газэту з артыкулам беларускага журналіста Дзяніса Івашына


Старонка газэты з артыкулам Дзяніса Івашына пра колішніх украінскіх спэцназаўцаў, якія перайшлі на службу да Лукашэнкі
Старонка газэты з артыкулам Дзяніса Івашына пра колішніх украінскіх спэцназаўцаў, якія перайшлі на службу да Лукашэнкі

Дзяніс Івашын застаецца на радзіме за кратамі, асуджаны з палітычных матываў паводле крымінальнага артыкулу.

Нарвэская гандлёвая сетка Narvesen прымеркавала да Ўсясьветнага дня свабоды прэсы выпуск газэты, якая цалкам складаецца з артыкулаў, забароненых да публікацыі ў краінах іх паходжаньня. Выпуск падрыхтаваны ў супрацы з Нобэлеўскім цэнтрам міру.

Беларусь у выпуску прадстаўленая фрагмэнтам расьсьледаваньня журналіста Дзяніса Івашына пра былых украінскіх спэцназаўцаў на службе рэжыму Лукашэнкі, заўважыла БАЖ.

Нарвэгія — усясьветны лідэр у галіне свабоды СМІ. Цягам апошніх васьмі гадоў гэтая краіна ўзначальвае міжнародны індэкс свабоды прэсы. У той жа час індэкс паказвае, што свабода прэсы ўсё больш пагаршаецца ў многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, дзе дзясяткі журналістаў зьняволеныя за сваю прафэсійную дзейнасьць.

Да 3 траўня, Дня свабоды прэсы, у распаўсюдзе сеткі Narvesen зьявілася газэта, што цалкам складаецца з артыкулаў, забароненых да публікацыі ў краінах іх паходжаньня з прычыны цэнзуры, палітычнага кантролю ці рэпрэсій.

«Нарвэскі Хэльсінскі камітэт дапамог сабраць адпаведныя матэрыялы з постсавецкіх краінаў, якія не атрымалі заслужанай увагі. Артыкулы былі напісаныя сьмелымі журналістамі, якія рызыкавалі свабодай або ўжо адбываюць пакараньне за свае выказваньні. Сярод іх — Дзяніс Івашын зь беларускага выданьня „Новы Час“. У нумары апублікаваны фрагмэнт яго журналісцкага расьсьледаваньня 2020 году з трох частак, прысьвечанага былым украінскім спэцназаўцам зь „Беркуту“, якія цяпер служаць беларускаму дыктатарскаму рэжыму. Таксама паведамляецца, што за сваю працу Дзяніс быў асуджаны на 13 гадоў пазбаўленьня волі», — паведамілі БАЖ у Нарвэскім Хельсінскім камітэце.

Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты «Новы Час», беларускі рэдактар валянтэрскай супольнасьці InformNapalm. Супрацоўнікі КДБ затрымалі журналіста 12 сакавіка 2021 году. Спачатку выставілі абвінавачаньне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэксу (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), хоць усе зьвесткі для публікацыі браліся з адкрытых крыніцаў, а пазьней дадалі яшчэ абвінавачаньне ў «здрадзе дзяржаве».

Суд над Дзянісам Івашыным цягнуўся амаль месяц у Горадзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасьня 2022 году судзьдзя Валер Раманоўскі прыгаварыў журналіста на 13 гадоў і 1 месяц зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і прызначыў штраф памерам 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды дзевяці «пацярпелым» сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

На пачатку 2023 году Дзяніса Івашына этапавалі зь сьледчага ізалятару турмы № 1 Горадні ў папраўчую калёнію № 15 Магілёву. Аднак пазьней журналіста таемна судзілі ў калёніі і перавялі на строгі турэмны рэжым у жодзінскую турму № 8, дзе ён цяпер і адбывае прысуд.

У турме Дзяніс Івашын некалькі разоў трапляў у штрафны ізалятар, пазбаўляўся ліставаньня з роднымі, быў пазбаўлены тэлефанаваньняў родным чатыры месяцы запар — у сьнежні 2024-га, студзені, лютым і сакавіку сёлета.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG