Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё і віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс 1 траўня выказалі няўпэўненасьць у шанцах на спыненьне вайны ва Ўкраіне.
«Я думаю, што мы ведаем, дзе знаходзіцца Ўкраіна, і дзе Расея... Яны сталі бліжэй, але ўсё яшчэ далёка адна ад адной», — сказаў Рубіё ў эфіры Fox News. Вэнс у сваім інтэрвію на гэтым жа канале, пайшоў далей, заявіўшы, што вайна ва Ўкраіне ня скончыцца «неўзабаве».
Злучаныя Штаты ўжо папярэдзілі, што перамовы дасягнулі «крытычнай» фазы, і калі ня будзе прагрэсу, то яны адмовяцца ад пасярэдніцтва.
«Гэтыя апошнія крокі на шляху заўжды найцяжэйшыя, і іх трэба зрабіць хутка», — сказаў на мінулым тыдні Рубіё.
Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Тэмі Брус 1 траўня дадала падчас брыфінгу, што стаўленьне ЗША да ўдзелу ў перамовах пра спыненьне канфлікту ва Ўкраіне зьменіцца. «Ёсьць іншая частка сьвету, цэлы зямны шар, які патрабуе ўвагі», — заявіла яна і дадала, што «мы не зьбіраемся лётаць па сьвеце на першы ж заклік, каб пасярэднічаць у сустрэчах».
Трамп ад пачатку свайго прэзыдэнцкага тэрміну называў спыненьне вайны ва Ўкраіне галоўным прыярытэтам. Ён заклікаў да неадкладнага і поўнага спыненьня агню і патрабаваў ад Расеі спыніць безразборлівыя атакі ўкраінскіх гарадоў.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Вэнс ня траціць аптымізму адносна спыненьня баявых дзеяньняў, але кажа, што цяпер, «калі кожны бок ведае ўмовы міру іншага», ад расейцаў і ўкраінцаў залежыць, ці ўдасца дасягнуць пагадненьня.
«Гэта нікуды не падзенецца... Гэта ня скончыцца ў блізкім часе», — дадаў Вэнс.
Украіна заявіла, што для пачатку перамоваў трэба спыніць агонь ня менш як на месяц. Расея абвясьціла перамір’е толькі на тры дні з 8 да 10 траўня, і заявіла, што адкрытая для прамых перамоваў з Кіевам.
Тым часам расейскія войскі працягваюць амаль кожную ноч атакаваць бесьпілётнікамі і ракетамі ўкраінскія гарады. Зяленскі заклікаў заходніх партнэраў Украіны прыняць больш жорсткія меры супраць Крамля.
На гэтым фоне 30 красавіка пасьля працяглых перамоваў Украіна і ЗША падпісалі пагадненьне аб карысных выкапнях. Украіна заявіла, што пагадненьне адпавядае яе інтарэсам і прадугледжвае поўны сувэрэнітэт над карыснымі выкапнямі.
Зяленскі 1 траўня заявіў, што Кіеву ня трэба будзе плаціць ЗША за мінулую вайсковую дапамогу. Ён сказаў, што пагадненьне «сапраўды раўнапраўнае» і «стварае магчымасьць для інвэстыцый ва Ўкраіну».
Форум