МЗС Украіны заклікала іншыя дзяржавы ўстрымацца ад удзелу ў парадзе ў расейскай сталіцы Маскве на Дзень перамогі ў Другой усясьветнай вайне.
У заяве МЗС Украіны згадваецца, што больш за 6 мільёнаў украінцаў змагаліся ў шэрагах Чырвонай арміі, сотні тысяч — у рухах супраціву і арміях саюзьнікаў антыгітлераўскай кааліцыі, агульныя чалавечыя страты ўкраінскага народу склалі восем мільёнаў загінулых: 5 мільёнаў мірных жыхароў і 3 мільёны вайскоўцаў.
«Сёньня супраць украінскага народу, які ёсьць адным з народаў — пераможцаў над нацызмам і заплаціў жудасную цану за мір і свабоду ў Эўропе, вядзецца жорсткая і нічым не справакаваная захопніцкая вайна. Падчас гэтай агрэсіі расейскія салдаты зьдзейсьнілі сотні тысяч ваенных злачынстваў, забілі 620 і паранілі амаль 2000, а таксама дэпартавалі не менш за 20 000 украінскіх дзяцей.
Пакараньне сьмерцю мірных жыхароў, масавыя пахаваньні, згвалтаваньні, марадэрства, утрыманьне закладнікаў зь ліку мірных жыхароў, катаваньні і пакараньне сьмерцю ваеннапалонных, ужываньне зброі нявыбарачнага характару, удары па густанаселеных жылых раёнах, энэргетыцы і цывільнай інфраструктуры. Расейская армія ўчыніла і працягвае ўчыняць зьверствы ва Ўкраіне ў маштабах, якіх Эўропа ня бачыла з часоў Другой усясьветнай вайны», — гаворыцца ў заяве.
МЗС Украіны нагадвае, што менавіта гэтае войска пройдзе маршам 9 мая па Краснай плошчы ў Маскве і называе яго акупантамі і ваеннымі злачынцамі:
«Ісьці побач зь імі — гэта падзяляць адказнасьць за кроў забітых украінскіх дзяцей, мірных жыхароў і салдатаў, а не сьвяткаваць перамогу над нацызмам. Расея запрашае замежных вайскоўцаў прыняць удзел у парадзе 9 траўня, каб апраўдаць свае ваенныя злачынствы і агрэсію.
Удзел замежных вайскоўцаў у гэтым дзействе непрымальны і будзе расцэньвацца Украінай як зьдзек з памяці аб перамозе над нацызмам, памяці мільёнаў украінцаў-франтавікоў, якія вызвалялі нашу краіну і ўсю Эўропу ад нацызму восем дзесяцігодзьдзяў таму».
МЗС Украіны заклікала ўсе замежныя дзяржавы ўстрымацца ад удзелу іхных вайскоўцаў у парадзе ў Маскве 9 траўня, асабліва тыя дзяржавы, якія дэкляруюць нэўтральнасьць у адносінах да расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Тымчасам у Крамлі заявілі, што ў Маскву 9 траўня прыедуць лідэры 29 дзяржаваў (сярод іх тры непрызнаныя. — РС). Гэта кіраўнікі шэрагу постсавецкіх дзяржаваў. а таксама Бразыліі, Буркіна-Фаса, Вэнэсуэлы, Віетнаму, Гвінэі-Бісаў, Эгіпту, Манголіі, М’янмы, Славаччыны, Сэрбіі, Папуа — Новай Гвінэі, Этыёпіі, Палестынскай аўтаноміі ды іншых.
Аляксандр Лукашэнка таксама зьбіраецца наведаць гэты парад. Для ўдзелу ў ім накіраваныя і беларускія вайскоўцы.
Форум