У анэксаваным Крыме заявілі пра маштабную атаку бесьпілётнікаў

Кадар зь відэа, на якім бачны пажар каля пасёлку Кача пасьля атакі дронаў, 2 траўня 2025 году

Уначы 2 траўня акупаваны Крым і Севастопаль зазналі канцэнтраваны напад бесьпілётнікаў, пачаўся пажар.

Спадарожнікавы сэрвіс NASA FIRMS зафіксаваў маштабны пажар у пасёлку Углавое Бахчысарайскага раёну Крыму, разьмешчаным за 6 кілямэтраў ад пасёлку Кача, дзе знаходзіцца расейскі вайсковы аэрадром.

Пра пажары ў гэтым пасёлку таксама паведамляе маніторынгавая група тэлеграм-каналу «Крымский ветер».

Дадзеныя сэрвісу NASA FIRMS аб пажары ў вёсцы Углавое Бахчысарайскага раёну Крыму, 2 траўня 2025 году

Губэрнатар анэксаванага Расеяй Севастопалю Міхаіл Развазжаеў заявіў пра зьнішчэньне 50 дронаў і некалькіх морскіх бесьпілётнікаў. Паводле Развазжаева, усе дроны зьбітыя над морам, разбурэньняў няма.

Расейскае Міністэрства абароны заявіла, што над тэрыторыяй паўвострава ўначы зьбілі 89 украінскіх дронаў, а над Чорным морам — яшчэ 23. Зьвестак пра ахвяры і разбурэньні расейскія вайскоўцы не прыводзяць.

Украіна атаку на Крым не камэнтавала.

Ва ўмовах баявых дзеяньняў Свабода ня можа апэратыўна пацьвердзіць паведамленьні бакоў канфлікту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё яшчэ далёка адно ад аднаго», — дзяржаўны сакратар ЗША пра шанцы на мірнае пагадненьне паміж Украінай і Расеяй