Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская акторка Чулпан Хаматава зьехала з Расеі і «баіцца вяртацца»


 Чулпан Хаматава, Масква, красавік 2021
Чулпан Хаматава, Масква, красавік 2021

Акторка і заснавальніца фонду «Падары жыцьцё» Чулпан Хаматава выехала з Расеі з прычыны расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пра гэта Чулпан Хаматава расказала ў інтэрвію журналістцы Кацярыне Гардзеевай, дадаўшы, што баіцца вяртацца ў Расею, каб «ня страціць сумленьне» і «ня сесьці ў турму» паводле новага крымінальнага артыкулу аб «дыскрэдытацыі» арміі.

Паводле Хаматавай, якая разам з дочкамі знаходзіцца ў Латвіі, каб вярнуцца ў Расею і ня сесьці ў турму, у яе ёсьць два шляхі. Першы — гэта перастаць гаварыць пра тое, што гэта вайна і што гэта трагедыя, не зьвяртаць увагі на тое, «што я бачу на ўласныя вочы», і на інфармацыю, якую акторка атрымлівае ад сваіх украінскіх сяброў. «Хлусіць сабе, хлусіць усяму сьвету, жыць не па праўдзе. Гэта ў лепшым выпадку, калі не прымусяць чорнае называць белым», — лічыць Хаматава.

Другое выйсьце, па словах Хаматавай, — папрасіць прабачэньня за тое, што яна не падтрымала пачатку «ваеннай апэрацы»і: «Ну і далей па сьпісе, як гуляць па тых правілах гульні, якія мне будуць дыктаваць».

Акторка адзначыла, што фонд дапамогі анкалягічна хворым дзецям «Падары жыццё», якім яна кіруе, працягне працаваць у Расеі. Пры гэтым Хаматава прызнала, што з прычыны санкцый, уведзеных супраць Расеі за ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, якасьць і эфэктыўнасьць дапамогі хворым на рак расейскім дзецям пацярпіць. Ад 50 да 90 працэнтаў лекаў, расходных матэрыялаў і абсталяваньня закупляюцца фондам за мяжой, сказала Хаматава. Аднак яна спадзяецца, што фармакалягічныя кампаніі працягнуць супрацоўнічаць з фондам і ў яго будзе магчымасьць закупляць і прывозіць лекі, «але моцна даражэй».

Чулпан Хаматава яшчэ 25 лютага публічна выказалася супраць вайны ва Ўкраіне і заклікала спыніць баявыя дзеяньні. Яе подпіс стаіць і пад адозвай дзеячаў культуры супраць вайны. Акторка таксама падпісала ліст ад імя расейскіх НКА і дабрачынных фондаў з патрабаваньнем пачаць перамовы, назваўшы сілавыя мэтады вырашэньня канфліктаў бесчалавечнымі.

  • У лютым 2012 году Чулпан Хаматава зьнялася ў перадвыбарным відэароліку ў падтрымку Ўладзіміра Пуціна. «У нашым жыцьці няма нічога важнейшага за здароўе дзяцей. Уладзімір Пуцін ні разу не застаўся абыякавым да ўсіх просьбаў фонду „Падары жыцьцё“ і лекараў, якіх фонд падтрымлівае. Усе абяцаньні, дадзеныя Ўладзімірам Пуціным фонду „Падары жыцьцё“, заўсёды былі выкананы. Дапамога павінна быць адчувальная. Таму я буду галасаваць за яго», — сказала тады Хаматава. Пазьней у адказ на крытыку акторка заявіла, што зьняцца ў перадвыбарным відэароліку было яе ўласнае рашэньне. Хаматава падкрэсьліла, што без дапамогі дзяржавы было б немагчыма дапамагаць хворым дзецям так, як гэта робіць фонд «Падары жыццё», і — хоць яно і далёкае ад палітыкі — згодна жыць па гэтых правілах.
  • Артыкул аб фэйках, зьвязаных з дзеяньнямі расейскай арміі, быў дададзены ў Крымінальны кодэкс Расеі ў экстраным парадку ў пачатку сакавіка — на фоне распачатага 24 лютага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. За паведамленьні аб дзейнасьці войска, якія суд прызнае «загадзя лжывымі», пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 15 гадоў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апрылюдніў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG