У Магілёве кіраўніцтва праваслаўнай царквы хоча пабудаваць новую царкву. Пад зьнішчэньне можа трапіць значны кавалак Пячорскага лесапарку, ледзь не адзінага месца адпачынку жыхароў гораду, піша тэлеграм-канал «Спадчына».
Гэтая тэрыторыя служыць і ахоўнай зонай заказьніку «Пячорскі», дзе ў рэглямэнтах забаронены знос цэлага шэрагу відаў дрэваў.
У часе грамадзкага абмеркаваньня, сьцьвярджаюць жыхары, ім не далі аніякай інфармацыі — ні пра знос дрэваў, ні пра ахоўную зону.
Раней у Магілёве было праблемай збудаваць новую царкву — гэтаму процістаялі жыхары, якія лічылі, што ў горадзе ўдосталь праваслаўных субожняў.
«Пасадзіць сваю царкву на Замчышчы змаглі толькі атрымаўшы асабісты дазвол першай асобы ў краіне, а помнік Георгію Каніскаму доўга не знаходзіў хоць якога месца ў цэнтры гораду — усе былі супраць яго зьяўленьня», — піша канал.
Адзін з магілёўцаў схадзіў на грамадзкае абмеркаваньне новай царквы і напісаў пра гэта ў сваіх сацыяльных сетках.
Сярод іншага, чыноўнікі й царкоўнікі абгрунтоўвалі неабходнасьць пабудовы царквы тым, што шэрагу прыхаджанак «цяжка дабірацца» да існых цэркваў. А сам лесапарк называлі словамі «бамжатнік», «могілкі свойскай жывёлы», «буралом» і іншымі.
«Уся рыторыка грунтуецца на беспадстаўных заявах пра нібыта „тысячы“ просьбаў ад жыхароў раёну, якія нібыта ўгаворваюць пабудаваць царкву менавіта на месцы маладога лесу. Не прапанавана ні альтэрнатыўных месцаў будаўніцтва, ні кампрамісных варыянтаў, што пакінулі б лес на месцы. Празрыстасьці ў волевыяўленьні жыхароў няма — усё толькі на словах, без пратаколу. Гучаць таксама заявы кіраўніцтва пра плянаваную забудову лесу, нібыта гэта поле з пустазельлем.
Пры гэтым на падтрыманьне парку ў дагледжаным стане, вядома ж, грошай няма. Затое на храм ёсьць.
На грамадзкім абмеркаваньні пададзена толькі „канцэпцыя“, а не гатовы праект. А гэта значыць, што пры зацьвярджэньні будаўніцтва можа зьявіцца што заўгодна — хоць дзевяціпавярховая званіца», — мяркуе магілёвец.
Нормы шуму, адзначае ён, таксама нікога не цікавяць. Ён працытаваў фразу, сказаную прыхільнікам праекту: «Перазвон станоўча ўплывае на чалавека».
Як стала вядома, ініцыятыўная група супраць будаўніцтва царквы РПЦ будзе зьбіраць подпісы на дзіцячай пляцоўцы пры вуліцы Якубоўскага, 60, а 18:00. Сабрана ўжо 86 подпісаў супраць.
Форум