Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенца асудзілі на 13 гадоў за разбой і вымаганьне біткоінаў


Біткоін, ілюстрацыйная выява
Біткоін, ілюстрацыйная выява

Мужчына, абвінавачаны ў разбоі і вымаганьні біткоінаў на 1 млрд рублёў, атрымаў вялікі прысуд.

Жыхар Горадні асуджаны на 13 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму ў справе аб разбойным нападзе (ч. 3 арт. 207 Крымінальнага кодэксу) і вымаганьні крыптавалюты (ч. 3 арт. 208 КК) коштам больш як 1 млрд рублёў, паведаміла Генэральная пракуратура.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з мужчыны штраф у памеры 500 базавых велічыняў (21 тысяча рублёў).

Згодна з інфармацыяй нагляднага органу, у жніўні 2024 году двое мужчынаў пад выглядам работнікаў арганізацыі, што абслугоўвае электрасеткі, «падманным шляхам трапілі ў кватэру» жыхара Менску, які, паводле іх зьвестак, «меў вялікую суму біткоінаў».

Пагражаючы «прымяненьнем гвалту і забойствам», ліхадзеі, як сьцьвярджала сьледзтва, нанесьлі мінчаніну некалькі ўдараў, надзелі на яго кайданкі, на галаву — пакунак, пасьля чаго запатрабавалі перавесьці на іх віртуальны гаманец 5750 біткоінаў.

Пры нападніках, як заяўлена, быў «падобны да пісталета Макарава пнэўматычны пісталет з макетам глушыльніка, а таксама электрашокер».

«Не дамогшыся неадкладнага пералічэньня крыптавалюты, яны зьвязалі пацярпелага і далі яму суткі на выкананьне сваіх патрабаваньняў, — адзначыла Генпракуратура. — Адзін нападнік у выніку апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў быў затрыманы, у другога атрымалася выехаць за межы Беларусі».

Прысуд не набыў моц і можа быць абскарджаны або апратэставаны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG