Многія лічбы, у тым ліку па нараджальнасьці, дзяржаўнае статыстычнае агенцтва не публікавала з 2020 па 2023 гг.
Паводле зьвестак Белстату, летась у нашай краіне нарадзілася 58 938 дзяцей. Гэта значна менш, чым у 2019-м годзе. Тады за год нарадзілася 87 602 дзіцяці.
Пры гэтым той паказьнік быў гістарычным мінімумам у Беларусі з 1945 году. Цяперашнія лічбы б’юць папярэднія антырэкорды.
Пры гэтым у сталіцы — Менску — нарадзілася больш дзяцей, чым у іншых рэгіёнах краіны, то бок больш за нованароджаных у цэлых абласьцях. У сталіцы нарадзіліся 10 143 чалавекі, і менскі паказьнік падобны да лічбаў па цэлай Берасьцейскай вобласьці, дзе зьявілася на сьвет 10 116 дзяцей.
У іншых абласьцях становішча з нараджальнасьцю значна горшае, у Горадзенскай, Віцебскай і Магілёўскай абласьцях колькасьць нованароджаных ледзь перасягнула 6,5 тысяч. Гэтыя ж вобласьці адставалі ад іншых рэгіёнаў і пяць гадоў таму, толькі тады дзяцей там нарадзілася звыш 9 тысяч, а на Горадзеншчыне амаль 10 тысяч.
Калі ў 2016-м годзе колькасьць нованароджаных была 12,4 на 1000 чалавек, тады ў 2019-м толькі 9,3. Летась паказьнік упаў да 6,5.
Пры гэтым памерлых летась было меней за паказьнік пяцігадовай даўніны. Летась памерлі 115 124 жыхароў Беларусі. У 2019 годзе памерлых было 120 470.
З гэтага гледзішча варта ацаніць паказьнік натуральнага росту або страты насельніцтва. За апошняе дзесяцігодзьдзе прырост у Беларусі фіксаваўся толькі тройчы — у 2016 і 2017 гг. у Менску і ў 2016 у Берасьцейскай вобласьці, на ўсіх астатніх этапах была страта. Але калі ў 2016-м у цэлым па краіне колькасьць памерлых перавысіла колькасьць народжаных на 1600 чалавек, што ў маштабах цэлай дзяржавы не было высокай лічбай, тады ў наструпныя гады паказьнік натуральнай страты насельніцтва стаў імкліва павялічвацца. Ужо ў 2017-м ён склаў 16 755 чалавек, у згаданым 2019-м ужо 32 868, а летась 56 186 чалавек, што роўнае насельніцтву раённага цэнтру сярэдняга памеру.
Колькасьць шлюбаў у Беларусі зазнала найбольшага зьніжэньня ў 2020-м, калі ў краіне зафіксавалі 50 384 шлюбаў у параўнаньні з 62 744 на год раней. Гэтую статыстыку ў папярэднія гады не засакрэчвалі. У наступныя гады паказьнік вырас, летась ён склаў 56 044 шлюбаў.
Колькасьць разводаў застаецца прыкладна на адным узроўні. 34 470 разводаў у 2019-м і 33 962 летась. Атрымліваецца, колькасьць разводаў складае 60,6% ад колькасьці шлюбаў. Дэталёвую статыстыку шлюбаў і разводаў Белстат публікаваў у красавіку.
Форум