Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча заявіла Расеі пратэст супраць зьняцьця польскіх вайсковых сымбаляў на могілках у Медным


У мэмарыяльным комплексе ў Медным, Цьвярская вобласьць Расеі
У мэмарыяльным комплексе ў Медным, Цьвярская вобласьць Расеі

Польшча выступіла супраць зьняцьця вайсковых сымбаляў з польскіх могілак у Расеі. Варшава раскрытыкавала гэты крок як „правакацыю“ і спробу ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары.

Савецкі НКВД у час Другой усясьветнай вайны забіў каля 22 000 польскіх афіцэраў у Катынскім лесе на захадзе Расеі, а таксама ў Харкаве (Украіна) і Медным (Расея). Міністэрства замежных спраў Польшчы заявіла ў сераду, што атрымала паведамленьне ад польскай амбасады „аб разбурэньні польскага помніка на ваенных могілках у Медным“.

У заяве міністэрства гаворыцца, што польскія вайсковыя крыжы „былі зрэзаныя з надмагільнага помніка“.

„Мы разглядаем гэтую абуральную правакацыю ня толькі як спробу ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы, але і як тыповы расейскі выкрут дзеля зьмены гісторыі“, — дадалі ў міністэрстве, якое цытуе AFP.

1 чэрвеня ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы праэўрапейскі кандыдат Рафал Тшаскоўскі сустрэнецца з кансэрватарам Каралем Наўроцкім.

Польскія афіцэры, чые парэшткі былі знойдзены ў Медным, былі ўзятыя ў палон савецкай арміяй пасьля ўварваньня ў Польшчу 17 верасьня 1939 году. На працягу дзесяцігодзьдзяў Савецкі Саюз вінаваціў у гэтым злачынстве нацысцкую Нямеччыну.

Якую сымболіку зрэзалі і чаму?

Адміністрацыя могілак напісала пра ліквідацыю польскіх сымбаляў на сваім сайце. Яшчэ 16 траўня яна паведаміла, што прыбрала польскую вайсковую сымболіку нібыта пасьля „парушэньняў фэдэральнага заканадаўства“.

Пра такія парушэньні заявіла Пракуратура Цьвярской вобласьці, спасылаючыся на закон „Пра ўшанаваньне перамогі савецкага народу ў Вялікай айчыннай вайне 1941–1945 гг.“ Чым менавіта польскія ўзнагароды на надмагільлях парушаюць расейскія законы, пракуратура не паведаміла. Пры гэтым закон выйшаў яшчэ ў 1995 годзе, але да цяперашняга часу ніхто польскай сымболікі з магілаў не прымаў.

Сярод сымбаляў, якія зьніклі з могілак — найвышэйшая польская вайсковая ўзнагарода ордэн Virtuti Militari, а таксама юбілейны мэдаль „Крыж верасьнёўскай кампаніі“.

Магчыма, зьнішчэньне польскіх вайсковых сымбаляў зьвязанае з травеньскім рашэньнем афіцыйнай Варшавы закрыць консульства Расеі ў Кракаве. Пры гэтым польскі бок тлумачыў закрыцьцё гэтай установы адказам на дзеяньні расейскай выведкі — раней сьледзтва даказала датычнасьць расейскіх спэцслужбаў да падпалу буйнога гандлёвага цэнтру на ўскраіне Варшавы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG